Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Мемарызацыя Вялікай Айчыннай вайны ў беларускім грамадстве: памяць учора і сёння"

7 мая 2015 года ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці адбылося адкрыццё выставы "Мемарызацыя Вялікай Айчыннай вайны ў беларускім грамадстве: памяць учора і сёння". Падчас мерапрыемства прайшло ўрачыстае пасвячэнне ў акцябраты навучэнцаў 2 класа СШ № 4 г. Мінска ветэранамі ВАВ.

У адкрыцці прымалі ўдзел старшыні Ленінскай арганізацыі ветэранаў, ЛРА РГА "Белая Русь" і ЛРА ГА "БРСМ", а таксама намеснік дырэктара Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

На выставе комплексна адлюстравана памяць беларускага народа пра ваенныя падзеі. Экспанаты ахопліваюць перыяд ад савецкай эпохі да нашых дзён: прадметы фалерыстыкі - медалі і ордэны, нумізматыкі - памятныя і юбілейныя манеты, філакартыі - паштоўкі, філатэліі - маркі і канверты першага дню з гашэннем, а таксама кнігі ваенных гадоў і сучасныя выданні пра ВАВ. Усяго на выставе прадстаўлена больш за 150 унікальных экспанатаў па дадзенай тэматыцы.

Выстава заснавана на фондавых калекцыях Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, экспанатах Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці, а кніжная яе частка прадстаўлена фондамі Фундаментальнай бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Выстава працягнецца да 29 мая, чакаем усіх неабыякавых да гэтай свяшчэннай тэмы ў сценах нашага Музея!