Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Срэбны юбілей: 25 гадоў беларускай памятнай манеце"

Нараўне з гербам, гімнам і сцягам манеты з'яўляюцца сімвалам дзяржаўнасці. Іх з'яўленне – вынік станаўлення суверэннай дзяржавы і яе эмісійнага інстытута. 27 снежня 1996 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь пачаў выпуск у абарачэнне памятных манет. Асноўнымі мэтамі выпуску памятных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь былі і застаюцца трансляцыя каштоўнасцей беларускай дзяржаўнасці, культурнай і гістарычнай спадчыны беларускага народа, яго дасягненняў, а таксама адлюстраванне важнейшых падзей у жыцці краіны.
У сувязі з гэтым заканамерным з'яўляецца той факт, што першая памятная манета Беларусі была прысвечана 50-годдзю Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, членам і заснавальнікам якой з 1945 года з`яўляецца Рэспубліка Беларусь. Затым адбыўся выпуск памятных манет, прысвечаных гісторыка-культурнай спадчыне нашай краіны, беларускім класікам літаратуры і мастацтва, айчыннаму спорту. Адмысловым канцэптуальным і мастацкім рашэннем вылучаюцца серыі памятных манет, якія адлюстроўваюць самабытнасць нацыянальнай культуры.
Матэрыялы, прадстаўленыя ў часовай экспазіцыі, адлюстроўваюць храналогію і асноўныя напрамкі работы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па выпуску серый памятных манет з 1996 г. па наш час.
У экспазіцыю будуць уключаны ўнікальныя прадметы, якія ілюструюць усе стадыі распрацоўкі і выпуску памятных манет: першапачатковыя эскізы манет, гіпсавыя мадэлі аверса і рэверса манет, эталонныя (майстар-пуансоны) і працоўныя інструменты, прызначаныя для чаканкі манет, а таксама гатовыя манеты розных серый і гадоў выпуску.
Створаная часовая экспазіцыя прызначана для ўсіх катэгорый наведвальнікаў. Асабліва цікава будзе прафесійным нумізматам і калекцыянерам, а таксама тым, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці
Адрас: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 38, 4 пад'езд
Тэлефон для даведак: + 375 17 234 01 52, + 375 17 322 06 97