Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: ад мінулага да сучаснага»

2022 год —знакавы для нашай краіны. Рэспубліка Беларусь выходзіць на новы этап гістарычнага развіцця — 27 лютага адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанню ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Асноўны закон краіны —Канстытуцыя развітога свабоднага грамадства, заснаваная на прынцыпе вяршэнства права, выразным падзеле галін улады, разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалагічных поглядаў. Канстытуцыя, якая адлюстроўвае вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва перадавых краін свету, выразна і паслядоўна выкладае базавыя агульначалавечыя каштоўнасці.

Выстава «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: ад мінулага да  сучаснага» адлюстроўвае храналогію станаўлення канстытуцыйных асноў Беларусі: распавядае аб ходзе падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года і ўнясенні ў яе змяненняў і дапаўненняў у сувязі з імкліва змяняючыміся палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі рэаліямі.

У экспазіцыі прадстаўлены арыгіналы Канстытуцый Рэспублікі Беларусь розных гадоў з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, а таксама друкаваныя выданні са збору Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Будуць падрабязна раскрыты асноўныя палажэнні дзеючай Канстытуцыі, яе роля і месца ў сістэме дзяржаўнага ўладкавання краіны.

Наша краіна жыве ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі, якая з'яўляецца краевугольным каменем сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Веданне і выкананне Канстытуцыі характарызуе ступень сталасці грамадства, гатоўнасць грамадзян удзельнічаць у кіраванні дзяржавай, адказна ставіцца да сваіх правоў і абавязкаў.


Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці
Адрас: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 38, 4 пад'езд
Тэлефон для даведак: + 375 17 234 01 52, + 375 17 322 06 97